У сувязі з актыўным будаўніцтвам, якое разгарнулася ў Беларусі ў 1960-я гады і пераўтварэннем Брэста ў прамысловы цэнтр, узнікла неабходнасць у адкрыцці ў заходнім рэгіёне рэспублікі вышэйшай навучальнай установы будаўнічага профілю. І такая ВНУ была створана. 1 красавіка 1966 пачаў працаваць Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут – гэта дата стала афіцыйнай датай нараджэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Першым рэктарам Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута быў прызначаны кандыдат архітэктуры, дацэнт Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў. У 1966 годзе на факультэт дзённага навучання (адзіны ў маладой ВНУ) залічваюцца 334 студэнты.
Пры актыўным удзеле студэнтаў і выкладчыкаў да вясны 1969 года было завершана будаўніцтва вучэбнага корпуса, распачата будаўніцтва спартыўных збудаванняў і закладзены парк.
Праблема забеспячэння выкладчыцкімі кадрамі вырашалася шляхам пераводу выкладчыкаў з іншых вышэйшых навучальных і навукова-даследчых устаноў БССР і іншых рэспублік. У 1966 годзе выкладчацкую дзейнасць у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце пачалі ўсяго 32 чалавекі.
З цягам часу ў інстытуце з’яўляліся новыя структурныя падраздзяленні: у 1967 годзе на базе дзённага факультэта былі створаны будаўнічы і архітэктурны факультэты, у 1969 годзе адкрыты сельскагаспадарчы і вячэрні факультэты, у 1971 годзе – гідрамеліяратыўны факультэт.
Студэнтам першых набораў даводзілася не толькі авалодваць ведамі, але і займацца будаўнічымі работамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі інстытута і горада. Студэнты інстытута ўдзельнічалі ў збудаванні мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой», «Гармалзавода», комплексу «Белавежскі» і іншых значных аб’ектаў горада і вобласці.
1980 – 1990-я гады сталі для інстытута часам актыўнага росту і рэарганізацыі. У лютым 1984 года, згодна з загадам Міністэрства адукацыі, архітэктурны факультэт у інстытуце быў ліквідаваны, дакадней, як адзначалася ў загадзе, перайменаваны ў механічны факультэт з прычыны спынення прыёму студэнтаў на архітэктурныя спецыяльнасці. У маі 1987 года кіраўніцтву інстытута было дадзена даручэнне пачаць работу па адкрыцці спецыяльнасцей электроннага профілю.
У сувязі са змяненнем профілю ВНУ ў 1989 годзе Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут быў перайменаваны ў Брэсцкі політэхнічны інстытут. Наступным крокам у развіцці інстытута стала адкрыццё 1 лютага 1995 года эканамічнага факультэта.
У 2000 годзе інстытут набывае новы статус – рэарганізуецца ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. У 2005 годзе для задавальнення патрэб Брэсцкага рэгіёна ў спецыялістах ІТ-сферы ва ўніверсітэце адкрываецца факультэт электронна-інфармацыйных сістэм. За гады свайго існавання БрДТУ стаў буйным навукова-вучэбным цэнтрам у заходнім рэгіёне Рэспублікі Беларусь.
У 2014 годзе БрДТУ прызнаны арганізацыяй года ў катэгорыі «Установа адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў для будаўнічай галіны» ў конкурсе «На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2013 год».
Сёння навучанне ў БрДТУ ажыццяўляецца на 6 факультэтах. Падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па 29 спецыяльнасцях. Ва ўніверсітэце навучаецца больш за 7 тысяч студэнтаў з Беларусі і 20 замежных краін, у тым ліку з Казахстана, Кітая, Бангладэш, Нігерыі, Туркменістана, Украіны, Расіі і інш. Выкладчыцкую дзейнасць ва ўніверсітэце ажыццяўляе 437 чалавек, у тым ліку з навуковымі ступенямі і званнямі. БрДТУ з’яўляецца членам Асацыяцыі Еўрапейскіх факультэтаў грамадзянскага будаўніцтва, аб’яднання «Акадэмія Балтыйскага мора», Асацыяцыі тэхнічных універсітэтаў, удзельнічае ў міжнародных праектах.
Ва ўніверсітэце паспяхова функцыянуе сістэма менеджменту якасці. У 2018 годзе сістэма менеджменту якасці ўніверсітэта сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням дзяржаўнага стандарту СТБ ISO 9001-2015.