27 студзеня, у дзень памяці ахвяр Халакосту, У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы-манумента «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Выстава прысвечана трагічным падзеям, калі беларускі народ перажыў страшныя выпрабаванні і страты. Экспазіцыя распавядае аб ахвярах генацыду, іх мужнасці і стойкасці перад тварам ворага.
Мэта выставы — не толькі данесці гістарычную праўду, увекавечыць памяць аб загінуўшых, але і нагадаць грамадству аб маштабах жорсткасці, з якой сутыкнуўся беларускі народ падчас вайны.
З прывітальнай прамовай да гасцей звярнуўся рэктар БрДТУ Сяргей Антонавіч Каспяровіч. Ён падкрэсліў важнасць захавання гістарычнай памяці і перадачы ведаў аб падзеях тых гадоў будучым пакаленням. Сяргей Антонавіч таксама адзначыў, што такія мерапрыемствы спрыяюць умацаванню нацыянальнага адзінства і выхаванню патрыятызму.
«Адкрываючы падобныя выставы, мы імкнемся захаваць і перадаць гістарычную памяць. Нам важна перадаць тыя звесткі, якія мы атрымліваем падчас расследавання гэтай крымінальнай справы. Інакш бы яно не мела ніякага сэнсу ... І, пагадзіцеся, мы з вамі ніколі не павінны забыць, і мы заўсёды будзем памятаць пра тую трагедыю беларускага народа, якую давялося перажыць нашым родным, загінулым для таго, каб існаваць цяпер у нашай мірнай, квітнеючай Беларусі,» — падкрэсліў у сваім выступленні ганаровы госць мерапрыемства, пракурор горада Брэста Андрэй Часлававіч Валадзько.
Тэатральная пастаноўка «Хлапечыя сны» ў выкананні літаратурна-музычнага аб'яднання «Родная мова» дадала мерапрыемству асаблівую атмасферу. У завяршэнне мерапрыемства прысутныя ўшанавалі памяць хвілінай маўчання.