4 кастрычніка 2024 года ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня настаўніка. Гэта падзея стала яркім прыкладам удзячнасці і павагі да выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта за іх неацэнны ўклад у адукацыю і развіццё моладзі.
Урачыстасць пачалася з вітальнага слова рэктара БрДТУ Сяргея Антонавіча Каспяровіча. У сваім звароце Сяргей Антонавіч выказаў самыя цёплыя і шчырыя віншаванні і словы ўдзячнасці за высакародную педагагічную працу. Адзначыў, што выкладчык — гэта не проста настаўнік, а настаўнік, які фарміруе прафесіянала, годнага грамадзяніна сваёй краіны. Пажадаў усім выдатнага настрою, мірнага неба над галавой, крэатыўных студэнтаў, поспехаў у педагагічнай працы і новых здзяйсненняў.
Адным з цэнтральных момантаў мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання лепшых выкладчыкаў граматамі і падзякамі ўніверсітэта. Кожны ўзнагароджаны атрымаў заслужаныя апладысменты залы і цёплыя словы падтрымкі.
У гэтым навучальным годзе універсітэцкая сям'я папоўнілася маладымі выкладчыкамі, якія ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі наказ маладому педагогу з рук Цімафея Мікалаевіча Базенкова. Цімафей Мікалаевіч усё сваё жыццё прысвяціў універсітэту, прайшоў працоўны шлях ад выкладчыка да загадчыка кафедры, многія гады прапрацаваў прарэктарам па выхаваўчай рабоце БрДТУ.
Культурную праграму мерапрыемства склалі выступленні творчых калектываў універсітэта. Народны акадэмічны хор «Белая вежа» цешыў гледачоў бездакорным выкананнем кампазіцыі «Белавежская пушча», студэнцкі тэатр «Скарбніца» прадставіў тэатральную пастаноўку «Роздум». Вакальныя і танцавальныя нумары ўпрыгожылі вечар, стварыўшы атмасферу свята і радасці.
Гэты канцэрт стаў сапраўдным выразам шчырай падзякі і ўдзячнасці ўсім тым, хто штодня працуе на карысць адукацыі і выхавання маладога пакалення. Дзень настаўніка – гэта дзень, калі мы можам яшчэ раз падзякаваць нашым настаўнікам за іх працу, цярпенне і любоў да сваёй справы.