Замежныя студэнты БрДТУ з Кітайскай Народнай Рэспублікі прынялі ўдзел у адкрыцці праекта «Дні кітайскай культуры і літаратуры ў Брэсце».
Мэта праекта – паказаць берасцейцам шырокую палітру беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння, садзейнічаць умацаванню дружбы паміж двума народамі і стымуляваць цікавасць да вывучэння кітайскай мовы.
У ліку гасцей сустрэчы, якія выступілі з прывітальным словам, былі: начальнік аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Лілія Аляксееўна Свідуновіч; старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар, галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч; кіраўніцтва Інстытута Канфуцыя БрДУ імя А.С. Пушкіна: дырэктар з кітайскага боку Фан Шэнлян, дырэктар з беларускага боку Анжэла Яўгенаўна Саід; прарэктар па вучэбнай рабоце БрДТУ Міхаіл Уладзіміравіч Нярода. Акрамя таго, па відэасувязі з Кітая да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся дырэктар Цэнтра вывучэння Беларусі ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце ў Шанхаі прафесар Бэй Вэньлі.
Цэнтральнай падзеяй адкрыцця стала прэзентацыя серыі кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая», з чытаннем кітайскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Нашы кітайскія студэнты прынялі актыўны ўдзел, прачытаўшы вершы кітайскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Прагучалі вершы Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу і іншых аўтараў. А вядомы верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» прагучаў на кітайскай мове.
Дні кітайскай культуры і літаратуры прадоўжацца да 14 сакавіка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага. У іх рамках адбудуцца адкрытая лекцыя, прысвечаная тэмам Кітайскай Народнай Рэспублікі і міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву Беларусі і Кітая, сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Інстытута Канфуцыя, педагогамі і навучэнцамі «Гімназіі №5 г.Брэста» і «Сярэдняй школы №7 г. Брэста», у якіх вывучаюць мову ўсходнеазіяцкай краіны, а таксама майстар-класы. Па відэасувязі можна будзе пагутарыць з выкладчыкам класічнага танца ў інстытуце навукі і тэхналогій Хуанхэ ў Чжэнчжоў брэстаўчанкай Ганнай Лю. На працягу рэалізацыі праекта будзе экспанавацца выстава «Беларусь – Кітай: адкрытасць, гармонія, мір».